Вытокі поспеху юных мастакоў

3.9.2014
Случчане перамаглі ў міжнародным конкурсе

XIX міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай мастацкай творчасці «Парыж, я люблю цябе!» у рамках міжнароднага праекта «Салют талентаў»  праходзіў у горадзе Парыжы ў Францыі. Удзельнічалі ў ім дзеці з розных краін, з рознымі захапленнямі: танцоры, музыканты, фатографы, відэааператары, мастакі. У ліку іншых былі навучэнцы студыі выяўленчага мастацтва «Вытокі» Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці і Грэскай дзіцячай школы мастацтваў. Вынік конкурсу – 23 дыпломы за першае месца і ўзнагарода за лепшую мастацкую работу. Случчане сталі лепшымі на конкурсе сярод мастакоў ва ўсіх узроставых катэгорыях.

Аб тым, як усё адбывалася, нашаму карэспандэнту расказала кіраўнік студыі «Вытокі» Наталля Яўгенаўна ШУМАНСКАЯ.
– Да фестывалю рыхтаваліся ўвесь навучальны год і ўсё лета. У выніку велізарных творчых пакут нарадзіліся работы, якія мы павезлі ў Парыж. Паездка пакінула цудоўныя ўражанні і ў дзяцей, і ў бацькоў, якія суправаджалі некаторых з іх. На сваім шляху мы спыняліся ў Празе, Нюрнбергу, дзе для нас праводзілі экскурсіі. У Парыжы наведалі Луўр і Сабор Парыжскай Божай Маці. Усе ведаюць, што Францыя – гэта краіна кахання і мастацтва, але каб гэта па-сапраўднаму адчуць, трэба там пабываць.

З намі ў аўтобусах ехалі расійскія гіды, а таксама дзеці з Расіі, з далёкіх гарадоў. Нашы выхаванцы з імі пазнаёміліся і пасябравалі. Хтосьці дэманстраваў сваё валоданне англійскай мовай у зносінах з іншымі замежнымі гасцямі, а хтосьці вырашыў пасля паездкі абавязкова паглыбіць вывучэнне замежных моў.

Сам фестываль праходзіў у некалькі этапаў. Мастацкія работы былі выстаўлены ў некалькіх залах, і журы пераходзіла ў кожны па чарзе. Удзельнікі ацэньваліся ў трох узроставых катэгорыях: малодшай (да 9 гадоў), сярэдняй (ад 10 да 14 гадоў) і старэйшай (ад 15 да 18 гадоў).

Пасля падвядзення вынікаў сабралі кіраўнікоў усіх калектываў і правялі міні-канферэнцыю. Там члены журы прызналіся, што былі ўражаны работамі беларускіх дзяцей, іх бачаннем свету, разнастайнасцю тэматыкі і тэхнікі.

У выніку сярод мастакоў ва ўсіх узроставых катэгорыях мы перамаглі. А выхаванка студыі Марыя Шахлевіч, акрамя дыплома і кубка за першае месца, атрымала дыплом і кубак за лепшую мастацкую работу.

Марыя Шахлевіч

Цяпер тыя дзеці, якія занялі першыя месцы ў розных намінацыях, будуць запрошаны на суперфінал праекта ў Санкт-Пецярбург. У іх ліку будзем і мы.

Марыя ШАХЛЕВІЧ, лаўрэат у намінацыі на  лепшую мастацкую работу, расказала аб сваім творы.

– Я хацела намаляваць штосьці простае і зразумелае. Сваю работу я назвала «Мой маленькі свет». Крыніцай натхнення стала мая сям’я, тыя, хто быў побач і падтрымліваў. Я зусім не разлічвала на ўзнагароду, ехала проста паўдзельнічаць, рашэнне журы стала вялікай нечаканасцю. Раней я займала прызавыя месцы ў конкурсах рэспубліканскага, абласнога і раённага маштабаў, але ў міжнародным конкурсе гэта – мая першая перамога. Блізкія вельмі парадаваліся за мяне.

Зараз я буду рыхтавацца да суперфіналу ў Санкт-Пецярбурзе: для яго мы ствараем новыя работы.

Па матэрыялам газеты «Слуцкі край»